Для Беларусі Рыжская дамова – тое ж, што для Польшчы Пакт Молатава-Рыббентропа

Сёння спаўняецца 70 гадоў з пачатку так званага "вызвольнага пахода" Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі.

Гэты паход, як і ўвогуле пачатак Другой сусветнай вайны, сталі магчымыя пасля Пакта Молатава-Рыббентропа, які быў заключаны месяцам раней у Маскве паміж нацыстскай Германіяй і Савецкім Саюзам без удзела Польшчы. Гэты пакт і вызначыў хуткую паразу Польшчы і яе падзел паміж агрэсарамі.

Узгадваючы пачатак другой сусветнай вайны, нельга не сказаць аб Рыжскай мірнай дамове, якая была заключаная ў 1921-м годзе паміж Савецкай Расіяй і Польшчай і ў пэўнай ступені вызначыла падзеі, якія адбыліся амаль праз дваццаць год.

Аб тым, чым была для Беларусі Рыжская дамова, распавядае гісторык і пісьменнік Уладзімер Арлоў.

“Рыжская мірная дамова была заключаная ў 1921-м годзе паміж Савецкай Расіяй і Польшчай у выніку расійска-польскай вайны. Беларуская дэлегацыя таксама прыехала ў Рыгу, але яе проста не дапусцілі да перамоваў. Так адбылося таму што значная частка польскіх палітыкаў глядзела на Беларусь не як на дзяржаву, а як на свае “крэсы всходні” і з гэтага сыходзілі. А Савецкая Расія проста гандлявала нашай тэрыторыяй у сваіх мэтах. Па ўмовах дамовы да Польшчы былі далучаныя 29 паветаў Беластоцкага, Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў – тэрыторыя плошчай 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам больш за 3,5 мільёна чалавек. У той жа час была зноў абвешчаная БССР. Яе плошча была на той момат была 52,4 тыс. кв. кіламетраў. Гэта крыху больш за чвэрць сёнешняй тэрыторыі Беларусі. Тады нават нарадзілася прыказка — “У Беларусі тры сталіцы – Менск, Лагойск і Плешчаніцы”. Гэта было амаль што так, таму што Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерніі былі перададзеныя Расіі. Толькі потым частка гэтых земляў была вернутая Беларусі намаганнямі нацыянальна арыентаваных камуністаў. Варта сказаць, што расійскія бальшавікі прапаноўвалі па ўвовах дамовы перадаць Польшчы ўсю Беларусь. Палякі адмовіліся, таму што баяліся, што проста не здолеюць праглынуць такі вялікі кавалак. Але гэта сведчыць аб тым, што для Маскыы Беларусь была не больш чым аб’ектам гандлю. Тым не меньш, тэрыторыя Беларусі была так пасечаная, і мяжа з Польшчай была так блізка, што даходзіла да кур’ёзаў. Напрыклад, калі ў 30-х гадах у Менску быў пабудаваны Оперны тэатр, нехта прапанаваў паставіць на ім 60-мятровую статую Сталіна, але гэтая прапанова была не прынятая з той прычыны, што такая статуя была б бачная з польскай тэрыторыі і ў выпадку вайны была б выкарыстаная артылерыяй у якасці арыентыра.

У 39-м годзе лёс Беларусі таксама быў мала цікавы маскоўскім валадарам, тым не меньш адбылося аб’яднанне Беларусаў, але мы заплацілі за гэта страшэнны кошт. На “вызваленых” тэрыторыях адразу пачаліся массавыя дэпартацыі і ліквідацыі карэннага насельніцтва, якое лічылі антыкамуністычным элементам, абмежаванне рэлігійных правоў і шмат іншага. Да чэрвеня 1941-га года тэрыторыя Заходняй Беларусі была тэрыторыяй з асобым рэжымам кіравання. Па старой мяжы засталісь памежныя заставы з аховай. Па сутнасці, тэрыторыя Заходняй Беларусі была велізарным концлагерам. А тое, што за межамі Беларусі засталіся тэрыторыі з беларускім насельніцтвам ізноў паказвае, што наша краіна была і застаецца разменнай манетай для Крамля.”

Нягледзячы ні на што, Беларусь стала самастойнай незалежнай дзяржавай. Сёння ў міжнародным праве дзейнічае прынцып непарушнасці дзяржаўных межаў. Дзяржавы прызнаюць межы адзін аднаго як непарушныя і ўстрымліваюцца ад замахаў на межы. Але беларусы мусяць ведаць гісторыю.

Карыкатура, прысвечаная Рыжскай мірнай дамове

Гітлер і Сталін сустракаюцца каля трупа Польшчы — карыкатура, прысвечаная Пакту Молатава-Рыббентропа

“Цікава, колькі працягнецца мядовы месяц” — карыкатура, прысвечаная Пакту Молатава-Рыббентропа