18-ы дзень галадоўкі палітвязня Аўтуховіча. 4-ы дзень акцыі пратэсту


10:33 5.05.2009


Bookmark and Share


Акцыя салідарнасці з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, які абвесціў галадоўку пратэсту, працягнулася 4 траўня ў Менску. Напярэдадні акцыі супрацоўнікі АМАПа прэвентыўна арыштоўвалі яе ўдзельнікаў.


Перад пачаткам акцыі салідарнасці з палітвязнямі на Кастрычніцкай былі затрыманыя лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, актывіст «Моладзі БНФ» Антон Койпіш і сябра «Маладога Фронту» Мікола Дземідзенка. Яны былі арыштаваныя супрацоўнікамі АМАПа ў цывільным, якія не прад'яўлялі маладым людзям ніякіх дакументаў і павезлі іх на мікрааўтобусах у Цэнтральны РУУС Менска – нібыта для засведчання асобы.


Амапаўцы таксама правяралі дакументы ва ўсіх журналістаў, якія знаходзіліся ў гэты час на плошчы.


Тым часам актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у знак пратэсту селі на зямлю на процілеглым ад Кастрычніцкай плошчы баку праспекта Незалежнасці. Апазіцыянеры трымалі ў руках партрэты палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі. Пратэстоўцаў атачылі супрацоўнікі АМАПа ў форме і ў цывільным. Яны пагражалі дэманстрантам і патрабавалі, каб тыя разыйшліся, пры гэтым адмаўляючыся прад'явіць пасведчанні. У знак пратэсту на зямлю селі, у тым ліку, вядомыя ў Беларусі людзі - каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бародка, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, былы палітвязень Андрэй Кім, удзельнік «Працэсу 14-ці» Максім Дашук і іншыя.


Удзельнікі акцыі салідарнасці таксама разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг і бесперапынна скандавалі «Свабоду палітвязням!» і «Жыве Беларусь!».


Такім чынам акцыя працягвалася на працягу паўгадзіны. Увесь гэты час супрацоўнікі АМАПа стаялі насупраць людзей, якія пратэставалі, імкнучыся закрыць іх ад мінакоў і аўтамабіляў, якія праязджалі побач.


Нагадаем, што акцыі салідарнасці з палітвязнямі праходзяць у Менску кожны дзень у 18.00. Беларусы выходзяць на вуліцы ў знак падтрымкі палітвязняў, адзін з якіх, Мікалай Аўтуховіч, трымае бестэрміновую галадоўку, якая сур'ёзна пагражае яго жыццю.


У канцы сённяшняй акцыі моладзевыя актывісты заклікалі беларусаў зноў выйсці 5 траўня, у 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска.


 

Падпіска:

Enter your email address:



Плошча










Архіў сайта_:

Календар